.
Чтение книги онлайн.
Читать онлайн книгу - страница 20
Калісьці яна і сабе знайшла такі ўніверсам. І нават некалькі. У розных мясцінах свету. Усе яны былі вельмі падобныя адзін да аднаго. Магчыма, Надзя адчувала сябе выгнанай, адрынутай і пакінутай з іншых прычын. Але ёй таксама было патрэбнае такое месца, каб не звар’яцець.
Яны потым разам гадалі, што ж мусіла здарыцца, каб Леон Іскра адвярнуўся ад свету. Тое, што ён ведаў на памяць булгакаўскі раман, Надзю абсалютна не здзівіла – яна таксама даслоўна памятала некаторыя ўрыўкі, прычым вялізныя. Яшчэ адна рэч, якой Якуб пра яе не ведаў.
– Ёсць кнігі, якія проста запамінаюцца. Да канца жыцця. І ты нават не заўважаеш, як яны пасяляюцца ў галаве, – сказала Надзя. – У цябе не так?
У яго было не так. Ён чытаў, можа, і не столькі, колькі маці, і дакладна менш, чым Надзя, але чытаў. І ўсё ж у яго ніколі не з’яўлялася жадання добраахвотна вучыць кнігу на памяць. Аднойчы ў пачатковай школе ён агораў дзве старонкі. У пятым класе ў іх была шалёная настаўніца мовы і літаратуры, якая настойвала, каб у канцы года яны дэкламавалі бацькам урыўкі з любімых кніг. Ён выбраў «Хлопцаў з вуліцы Пала» Ферэнца Мольнара – яе калісьці (некалькі вечароў) чытаў яму перад сном бацька. Тады Якуб упершыню ў жыцці ўбачыў, як бацька плача. Начная лямпачка асвятляла ягоны твар, таму відаць было добра. Бацька сціскаў Якубаву руку пад коўдрай і плакаў, не перастаючы чытаць. У тыя моманты хлопец любіў яго так, як не любіў ніколі. І сам плакаў, хоць бацька гэтага не заўважаў. Не толькі над лёсам гераічнага Немечка.
Карацей, пра кнігі і слёзы Якуб Надзі ўсёй праўды не сказаў.
@2
Вентылятар круціўся павольней і павольней, нібыта ў лопасцей не хапала сілы рассякаць усё гусцейшую задуху, і ў нейкі момант, выдаўшы металічны хрып, спыніўся зусім. Якуб устаў, нацягнуў джынсы, прысеў, і са шчыліны паміж драўлянымі палетамі выцягнуў бутэльку мінералкі. Потым падышоў да стала і нейкую хвіліну разглядаў кнігу, што ляжала побач з клавіятурай. На палях стракацелі алоўкавыя нататкі – адны па-польску, іншыя па-нямецку, а некаторыя нагадвалі ланцужок незразумелых знакаў. І ўсе заканчваліся клічнікам або шматкроп’ем. Якуб нахіліўся і падняў з падлогі фота ў рамцы. Шкло, якое закрывала чорна-белы здымак, трэснула роўна па дыяганалі. На фота бабулька ў квяцістай хустцы на галаве налівала апалонікам суп у талерку, якая стаяла перад мужчынам у чорным гольфе. У адной руцэ мужчына трымаў газету, а другою гладзіў па галаве дзяўчынку са светлымі валасамі і анёльскімі вачыма. Усе трое ўсміхаліся. Колькі радасці і шчасця ў звычайнай на першы погляд выяве…
Ён узяў фатаграфію і стромай лесвіцай спусціўся ў кладоўку ля кухні, бо памятаў, што апроч фарбаў, пэндзляў і папак Надзя захоўвала там шкло, на якім малявала. У металічнай скрынцы для інструментаў Якуб знайшоў нож з алмазным лязом, паклаў на гладкі сталёвы столік вялікі кавалак разбітай шыбы, зняў з крука над столікам вугольнік і выразаў шкло пад